пятница, 21 ноября 2014 г.

Снег

Я ніколі не буду адзін. Кожны год асабіста для мяне выпадае снег. Ці не гэтым я матывую сябе заставацца ў гэтай краіне? Здавалася б, колькі прыгожых мясцінаў у свеце, але я абраў менавіта гэтую. Не, канешне, не адзін снег мяне тут трымае. Але тысячу розных фактараў, якія спляліся ў адзін, але снег нібыта вяршыня айсбергу.
Я прачнуўся. Усё ж-такі важны фактар, прачнуцца з думкай, што трэба некуды ісці і нешта рабіць. Сёння такога фактару няма. Проста дзень, якія часам (а апошнім часам і нярэдка) здараюцца ў студэнцкім жыцці. Я прачнуўся, мне няма чым заняцца. Канешне, можна пісаць гэты курсач, сэнсу ад якога абсалютна няма, а можа і ёсць, але мне прасцей думаць, што няма. Крытыкаваць прасцей, чым шукаць у дробязях нейкі плён.
Мне адзінока. Сумна ад думкі, што ты не паехаў нікуды. Ты не паехаў да бацькоў, да сям'і, а новай, сваёй сям'і ў цябе пакуль што няма. Так, канешне, ёсць дзяўчына, назавем яе Ленай. Леначка прыходзіць да мяне некалькі разоў на месяц, каб разбавіць маю адзіноту. Але які сэнс? У нас атрымліваецца пяшчотны сэкс, але пры гэтым адчування не-адзіноты няма. Я наогул не ведаю, як гэта адчуваць сябе несамотным, калі ты ў Менску. Гэты горад для мяне - горад задзіночання. Часам да мяне ў рэзідэнцыю (я так буду называць свой інтэрнат-"общагу") прыязджаюць менскія сябры, разбаўляюць сваю адзіноту з маёй, але ўсё роўна ў выніку я сяджу адзін і не ведаю, як жыць аднаму.
Наогул, цікавы такі перыяд у жыцці. Не ведаць, дзе будзеш у наступны год. Ты правучыўся ўжо амаль 4,5 гады у гэтым горадзе. Але што далей? Няма нейкага жадання працаваць на кагосьці. Чытаеш разумныя кнігі пра тое, як стаць багатым і як не залежаць ад працадаўцаў. Але пайсці і пачаць - цяжка. Ёсць нейкія навыкі, але кудысьці знікла жыццёвая энергія. Я шчыра спадзяюся, яна прачнецца ў бліжэйшыя месяцы.
Але нягледзячы на адзіноту і нявызначанасць, мяне чакае бліскучая будучыня. Я змагу, я дасягну чагосьці.
Мая сяброўка з філфаку аднойчы прывялка мяне ў прыклад на пары па літаратуры. Яны чыталі нейкі твор пра чалавека, які не мог вызначыцца. І тут раптам яна ўспомніла мяне, чалавека, які ўсё жыццё шукае канкрэтыкі. Так, я шукаю канкрэтыкі. Яна мне патрэбная ў адносінах, у працы, у месцазнаходжанні. Але калі разабрацца, без яе жыць цікавей. Ну падумайце, як жа файна не ведаць некаторых рэчаў. Ты не ведаеш, якая з дзяўчынак стане тваім лёсам. Тут пра выбар. Ты можаш сустракацца ўсё жыццё з адным чалавекам, а ў выніку апынецца, што раптам вы разыйдзецеся, і ты будзеш з іншым. Ну ці не цуд? Ну вось падумайце, у чым цуд падарунка? Менавіта ў тым, што ты не ведаеш, што табе дараць. Ты ведаеш, што гэты чалавек знайшоў для цябе нешта асаблівае, нешта такое, што табе спадабаецца, але не ведаеш, што гэта. Параўнайце, як у той жа час нецікава ведаць, што табе падараць. Цуд губляецца, разумееце?
Так і я. Іду на спатканне з новым чалавекам. І я хачу ведаць, што мне падарыць жыццё.
Заўважце, колькі адзінокіх людзей вакол? І я адзінокі, хоць звонку і не. Насамрэч, самота дапамагае. Самота раскрывае цябе. Калі ты нармальны чалавек, ты будзеш нармальным, незалежна ад таго, самотны ты ці не. Адзіноцтва раскрывае чалавека, паказвае яго сапраўдную сутнасць.
Я прачнуўся. Я іду на спатканне з ёю. Яна гатовая аддацца мне. Шчыра і да апошняга ўздыху. Але ці варты я таго? Эгаіст ува мне кажа "так, бо ты далёка не горшы варыянт, нават калі ты паступаеш няправільна". І сапраўды, падумаць толькі, колькі неверагодна жудасных, пачварных хлапцоў вакол. Ён можа быць мілы, звонку, а потым будзе расказваць сваім сябрам пра свае пахаджэнні. Я не расказваю. Я добры хлопчык, які шчыра клапоціцца, які добра вучыцца, які ведае, што правільна, а што не. Як такому не аддацца?
Як жа прыемна пазнаёміцца з чалавекам і закахацца! Праўда, з Леначкай у мяне такога не было. Леначка прыйшла ў маё жыццё нейкім своеасаблівым чынам, калі я быў расчараваны ў сабе. Я нават баяўся падыйсці да Леначкі, бо лічыў, што яна не ў маёй лізе, што такія, як я, не могуць знаёміцца з Леначкамі. Але гэта не так. Калі раптам нехта чытае мой расповед, не бойцеся падыходзіць да тых, хто падаецца недасягальным. Часам можа пракаціць. А часам і не. Напрыклад, да маіх 22-гадовых сябровак, якія працуюць, падкатвалі васьмікласнікі. Тут ужо перабор. Але калі відавочна ты блізкі па ўзросце, не бойся. Можа пракаціць. У мяне, прынамсі, пракаціла. Дык вось, з Леначкай усё было інакш. Бо то ж Леначка, дзяўчынка няпростая.
Але Вераніка была простая. З Веранікай я пазнаёміўся сам. Яна прыйшла да мяне.
Ішоў снег. Наогул, у той год было шмат снегу. Ён валіў проста неверагодна моцны. Снег для мяне - маральны ўздым, снег для мяне - сезонная крыніца натхнення. Ён прыйшоўся ў тэму тады, шчыра. Веранічка была гатовая цалавацца са мной у той жа вечар, калі мы пазнаёміліся. І яна цалавалася. Гэта было неверагодна, бо Вераніка падавалася недасягальнай.
Так, сэксу тут не было. Але была матывацыя, я быў закаханы ў яе, напэўна. Яна была з Брэсту. З гораду, які таксама ў мяне асацыюецца з маральным уздымам. Была матывацыя - калі ты перамагаеш, ты едзеш на 2 тыдні ў гэты горад і маеш магчымасць сустракацца з Веранічкай, якая жылі ў гэтым горадзе.
Так у маім жыцці ўпершыню спалучылася перамога на прафесійным і любоўным фронце. Так атрымалася, так выйшла. Горад мне падабаўся, зрэдку прыязджаў да яе. Але пакуль што хопіць пра яе. Яна потым вырашыла не ехаць у Менск, ды й засталася ў Берасці. Цікава было б з ёю сустрэцца, глядзіш, можа б і нешта было б. Але тое ўжо мінулае і думак маіх не вартае (эга маё ўсур'ёз ужо не ўспрымае).
Дык вось. Дзяўчынкі дзяўчынкамі. Але й пытанне адзіноты яны не вельмі вырашаюць. Хочацца душэўнага спакою. А яго можна дасягнуць толькі ў лесе.
Але то Менск. І лесу тут няшмат. Але хоць выйдзі на вуліцу. Там не будзе самотна. Там будзе снег.

Комментариев нет:

Отправить комментарий